#

Исследования

Актуальныя вымярэнні Еўропы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе – еўрапеізацыя знізу?

Актуальныя вымярэнні Еўропы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе – еўрапеізацыя знізу?
14сентября, 2013

Тэкст надрукаваны ў кнізе Пути европеизации Беларуси: между политикой и конструированием идентичности (1991-2010). Под. ред. О. Шпараги. – Минск, 2011. – С. 108-129.

Уводзіны

Еўрапейскі Звяз (ЕЗ) за апошнія 20 гадоў пасля падзення “жалезнай заслоны” зазнаў разнастайныя, грунтоўныя змены. Праз працэсы пашырэння і паглыблення, рост ЕЗ з 12 да 15 і сёння да 27 краінаў-удзельніц, праз Маастрыхт першы і другі, увядзенне еўра, праз акцыі, якія замацавалі ЕЗ як актора на міжнароднай сцэне (напрыклад, у Косава, у грузінска-расійскай вайне або на Бліжнім Усходзе), – праз усё гэта інтэграцыя несумненна набыла новую якасць. Дамова аб рэфармаванні ЕЗ, якая завязла ў працэсе ратыфікацыі, мусіла квазікастытуцыйна замацаваць гэтыя змены, хоць пры гэтым накіраванасць (Finalität) еўрапейскага працэсу інтэграцыі сёння ўяўляе з сябе больш адкрытае пытанне, чым дваццаць гадоў таму. Логіка пастаяннага паглыблення інтэграцыі састарэла, а Дамова аб рэформах прадугледжвае ў тым ліку магчымасць вяртання кампетэнцыяў краінам-удзельніцам і падкрэслівае да таго ж культурную разнастайнасць Еўропы і нацыянальную ідэнтычнасць асобных сябраў ЕЗ (арт. 3, абз. 3, арт. 4, абз. 2, Лiсабонская Дамова);

Гэты паступовы рост адкрытасці працэсу інтэграцыі выражаецца таксама ў разнастайнасці азначэнняў – як для самога Еўразвязу, так і для працэсу інтэграцыі, як заўважыў Вольфганг Вэсэльс (Wolfgang Wessels). Гаворка ідзе перадусім пра сістэму канкардату, multi-level governance, наднацыянальны звяз, наднацыянальную федэрацыю і Аб’яднаныя штаты Еўропы, і працэсульнасць надзвычай па-рознаму апісваецца праз modes of governance, шматузроўневую сістэму або еўрапеізацыю. У палітычнай навуцы прыхільнікі федэралізму, інтэргавэрмэнталізму або неафункцыяналізму імкнуцца патлумачыць інтэграцыйны працэс і паспрыяць яго афармленню[1]. Пры гэтым класічныя паліталагічныя тэорыі робяць відавочнымі дзве слабасці. Па-першае, акцэнт у вывучэнні ЕЗ робіцца на інстытуцыянальную пабудову ЕЗ, яго палітыку і ўплыў інстытуцыяў і палітыкі на краіны-ўдзельніцы ды інтэграцыйны працэс, то бок працэсы інтэграцыі ды еўрапеізацыі даследуецца зверху, хоць даследаванні па regional governance і ўвялі новы фокус у сферу зацікаўленасці[2]. Па-другое, класічныя даследаванні ЕЗ, на маю думку, занадта мала ўлічваюць цэнтральна- і ўсходнееўрапейскі кантэкст, то бок іншы гістарычны досвед, іншую актуальную палітычную рэальнасць маладых дэмакратыяў і сябраў ЕЗ.

З улікам гэтага варта абмаляваць і класіфікаваць дэбаты вакол Еўропы, вобразы ЕЗ, уяўленні пра інтэграцыю / дэзінтэграцыю, перавагі ды хібы сяброўства ў ЕЗ, прыцягальнасць мадэлі Еўразвязу і пра страхі перад сяброўствам у ЕЗ, якія ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе абмяркоўваюцца з самага пачатку працэсу пашырэння ў 1990-х гг. Гэтыя дэбаты пра Еўропу і Еўразвяз у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе можна разумець як розныя вымярэнні або модусы Еўропы, якія часткова перакрыжоўваюцца з дыскурсам еўрапеізацыі ў старых сябрах ЕЗ і са спецыяльным дыскурсам пра Еўропу. Далей я хацеў бы найперш абмеркаваць розныя вымярэнні Еўропы і шляхі еўрапеізацыі (І), якія належыць разглядаць як разнавіднасці працэсу інтэграцыі. Паводле гэтых вымярэнняў я хацеў бы зрабіць накід эмпірычных прыкладаў еўрапеізацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, абапіраючыся на інфармацыю міжнародных даследаванняў, тэматычную літаратуру і ўласныя меркаванні (ІІ). У заключэнне я хацеў бы спыніцца на скіраванасці Еўропы (Finalität) і плюральнасці інтэграцыйнага працэсу (ІІІ).

І.   Модусы Еўропы і працэсу інтэграцыі: некаторыя падыходы

У той час як працэс еўрапейскай інтэграцыі нягледзячы на ўвесь ідэалізм пасля 1945 г. пачынаўся перадусім як эканамічны працэс, еўрапейская ідэнтычнасць абмяркоўвалася заўсёды з больш шырокіх пазіцыяў і ахоплівала апроч эканамічнага вымярэння таксама палітычна-інстытуцыянальнае і культурна-гістарычнае вымярэнні, значэнне якіх паступова павялічваецца[3]. Пры гэтым прагрэсу палітычна-эканамічнай інтэграцыі заўсёды супрацьстаяла і супрацьстаіць плюральнасць культурных і нацыянальных ідэнтычнасцяў, у межах якіх нярэдка пануе скептычнае стаўленне да спробаў інтэграцыі, як гэта даводзіць, напрыклад, адрозненне дыскурсаў Еўропы ў новых сябрах ЕЗ да і пасля іх уступлення ў Еўразвяз. У той час як у сферы культурнай ідэнтычнасці Еўропы максімалісцкае азначэнне Еўропы Кляўса Эдэра (Klaus Eder) сыходзіць з аналогіі з нацыянальнай ідэнтычнасцю – і можа скласціся ўражанне, што такія ўяўленні зазналі паразу таксама ў сферы сімвалічнай палітыкі ў пачатковым тэксце канстытуцыі ЕЗ, – мінімалісцкая канцэпцыя еўрапейскай ідэнтычнасці абмяжоўваецца прававым уключэннем (інклюзіяй) або выключэннем. Афектыўнай прывязанасці да такога Еўразвязу можна было б тады дасягнуць (або не дасягнуць) у штодзённым дыскурсе, які вядуць прафесіяналы. У ідэальным выпадку гэта было б “штодзённым плебісцытам” („plébiscite de tous les jours“) Рэнана[4], прычым гэтае афектыўнае сцвярджэнне ЕЗ, на маю думку, магло б таксама ажыццяўляцца знізу на шляху вертыкальнай еўрапеізацыі, праз НДА або іншых актораў.

Германіст Сільвіё Вьета (Silvio Vietta) ідзе іншым шляхам у аналізе еўрапейскай ідэнтычнасці ды працэсу еўрапейскага аб’яднання і робіць выбарку з трывалых матываў еўрапейскай гісторыі культуры, якія ён сціскае да дзесяці прынцыпаў еўрапейскай палітыкі-этыкі і тым самым да еўрапейскай ідэнтычнасці, якая выходзіць за межы асобных нацыянальных ідэнтычнасцяў і ўяўляе з сябе агульную культурную ідэнтычнасць. Гэтыя дзесяць прынцыпаў:

  • Дэмакратыя / свабода
  • Агара / публічнасць
  • Аргумент / дыскурс
  • Крытыка
  • Індывідуальнасць
  • Сацыяльнасць (Soziabilität) / салідарнасць
  • Прававыя гарантыі / судовае вырашэнне пытанняў (Justiziabilität)
  • Стабільнасць
  • Міралюбівасць
  • Абароназдольнасць[5]

Хоць пэўныя прынцыпы з гэтых дзесяці адначасова можна прыпісваць іншым нацыям і культурам, а невыпадковасць іх выкарыстання для еўрапейскай ідэнтычнасці выклікае сумневы, гэты накід тым не менш паказвае, што канцэпцыя еўрапейскай ідэнтычнасці часта праектуецца таксама на еўрапейскую інтэграцыю. Так, французскія аўтары фарсуюць праект еўрапейскай рэспублікі або еўрапейскай дэмакратыі, якая адначасова мусіць раскрыць сэнс працэсу еўрапейскага аб’яднання і мець характар узору ў глабальным маштабе[6].

Ульрых Бэк (Ulrich Beck) і Эдгар Грандэ (Edgar Grande) указваюць у кантэксце пашырэння ЕЗ на ўсход на разнастайнасць поглядаў унутры ЕЗ, на тое, што Усход застаецца прывязаным да мінулага (і там брусельская бюракратыя сутыкнулася з такім жа скепсісам, як калісьці Масква), і на арыентаванасць на будучыню на Захадзе. Выхад з гэтай дылемы яны бачаць не толькі ў еўрапейскай канстытуцыі, але і ў тым, каб у цэлым па-іншаму асэнсаваць Еўропу:

 “Калі Еўропа хоча адпавядаць сваёй славе як самай паспяховай палітычнай арганізацыі, тады ёй трэба новая самасвядомасць, якая будзе ахопліваць тры аспекты: па-першае, наратыў, які дазваляе вызначаць і разумець супярэчлівыя з’явы еўрапеізацыі як моманты агульнай справы еўрапейцаў; па-другое, новае палітычнае бачанне; і па-трэцяе, новую палітычную канцэпцыю інтэграцыі, прычым два апошнія аспекты мусяць грунтавацца на наратыве еўрапеізацыі”[7].

Палітычнае бачанне Бэка і Грандэ – гэта касмапалітычная Еўропы, якая мусіць зняць і пераадолець супрацьпастаўленне Еўропы і нацыянальнай дзяржавы. Яны хочуць пераадолець інтэграцыю праз касмапалітызацыю, якая, што праўда, не мусіць грунтавацца на “уніфікацыі ды аднастайнасці” (с. 15). Еўропа для іх пры гэтым:

  • 1) адкрыты палітычны праект, які сам сябе пастаянна стварае наноў;
  • 2) “адказ на гісторыю левых і правых рэжымаў тэрору ХХ ст.” (с. 20), то бок Еўропа, якая самакрытычна ставіцца да ўласнай гісторыі;
  • 3) не толькі ўнутрана скіраваны працэс, але інстытуцыя, на якую ўплываюць вонкавыя фактары;
  • 4) дынамічны і адкрыты працэс[8].

Касмапалітызм і касмапалітычная еўрапеізацыя, пра якую яны выразна кажуць, значаць прыняцце культурнай інакшасці – як унутры, так і на вонкі. “Касмапалітычная Еўропа была б тым самым найперш Еўропаю адрозненняў, прынятых, прызнаных адрозненняў”[9].

У выніку для вывучэння Еўропы гэта значыла б, як мяркуюць аўтары, развіццё сваёй уласнай перспектывы, ужо больш не інтэр-нацыянальнай або нацыянальнай, а перспектывы, якая аб’ядноўвае абодва аспекты, якая ўжо больш не сыходзіць з “гульні з нулявою сумаю”, якая разумее пашырэнне ўладных паўнамоцтваў на наднацыянальным узроўні таксама як прырост уладных паўнамоцтваў на нацыянальным узроўні[10].

Аналагічна гэтаму перакрыжаванню еўрапейскага і нацыянальнага ўзроўняў Рыхард Мюнх (Richard Münch) бачыць тры ўзаемазалежныя ўзроўні вытворчасці ды канструявання еўрапейскага грамадства, што праўда, з выразным фокусам на еўрапейскім узроўні:

Узаемазалежныя ўзроўні канструявання і вытворчасці еўрапейскага грамадства

 
   

Крыніца: Münch, R. Die Konstruktion der europäischen Gesellschaft. 2008.

У якасці характэрнай для працэсу фармавання еўрапейскага грамадства Мюнх бачыць дэканструкцыю нацыянальных грамадстваў пасярэдніцтвам еўрапейскіх законаў і юрысдыкцыі і пераход да еўрапейскай салідарнасці, якая паступова замяняе і выцясняе салідарнасць нацыянальную. Паміж еўрапейскім і нацыянальным узроўнем ён вылучае да таго ж зону ўзаемапранікнення еўрапейскіх дыскурсаў, якія ўжываюцца пад нацыянальным соусам і ўплываюць як на “семантычны парадак еўрапейскага грамадства”, так і на тое, “якую афарбоўку набудзе еўрапейскі праўны і семантычны парадак у асобных краінах ЕЗ”[11].

У той час як Вьета і Мюнх робяць стаўку на павольнае станаўленне еўрапейскага грамадства або еўрапейскай ідэнтычнасці, якія паступова замяняюць нацыянальныя грамадствы, Эдэр, а таксама Бэк і Грандэ апісваюць еўрапейскую інтэграцыю ў больш моцных тэрмінах як выпадковы, адкрыты працэс, які дапускае адрозненні ў сферы культуры – апошняе разумеецца амаль як перадумова для адкрытага праекту Еўропы, што адлюстроўваецца не як гамагенная культура, а выпраменьваецца ў сваёй гетэрагеннасці вонкі за ўласныя межы.

Гэтыя адрозненні ў разуменні еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскай ідэнтычнасці аказваюць таксама ўплыў на канцэптуалізацыю працэсу еўрапеізацыі. Уяўленні пра замену нацыянальных культураў і нацыянальнага парадку абумоўліваюцца доўгі час распаўсюджанымі ў даследаваннях уяўленнямі пра еўрапеізацыю, якія сыходзілі з аднабаковага разумення зменаў у палітычных, эканамічных і культурных інстытуцыях, якія праходзяць з узроўню ЕЗ на нацыянальны ўзровень. Бач (Bach) і Джордан (Jordan) даюць наступнае азначэнне: „Еўрапеізацыю трэба разумець як рэарыентацыю або рэканфігурацыю палітыкі на мясцовым узроўні ў спосаб, які адлюстроўвае policies, практыкі або прэферэнцыі, створаныя дзякуючы сістэме кіравання ЕЗ”[12]. У аснове такога разумення еўрапеізацыі ляжаць, на маю думку, канструктывісцкія ўяўленні пра гамагенную інтэграцыю, якія аднак практычна не пацвярджаюцца эмпірычна. Свэйн С. Андэрсэн (Svein S. Andersen) і Нік Сітэр (Nick Sitter) падкрэсліваюць, што толькі ў абмежаванай колькасці выпадкаў можна казаць пра гамагенную інтэграцыю, то бок пра “канвергенцыю ў арганізацыйнай структуры і паводзінах на нацыянальным узроўні ўва ўсіх краінах”[13].

Таму Свэйн і Сітэр адрозніваюць разнастайныя тыпы еўрапейскай інтэграцыі: гамагенная, выраўненая (aligned), з адхіленнямі (deviant) і аўтаномная інтэграцыя – у залежнасці ад існавання нацыянальных узораў, традыцыяў ды інстытуцыянальных рашэнняў і фактычнага імплементацыйнага ціску ЕЗ[14].

Калі мы будзем прытрымлівацца гэтага бачання еўрапейскай інтэграцыі як нашмат больш комплекснага працэсу, што па-рознаму імплементуецца на нацыянальнай глебе і амаль мусова вядзе да прыстасавання да еўрапейскага ўзроўню, тады працэс еўрапеізацыі належыць вызначыць па-іншаму, чым яго – занадта вузка – разглядалі Бач і Джордан, а таксама іншыя даследнікі. Натуральна, і далей у даследчай практыцы могуць вывучацца ўплывы еўрапейскага ўзроўню на нацыянальны, але гэта нельга ўспрымаць як аднабаковы працэс або ўжываць у якасці pars pro toto еўрапеізацыі. Таму я разумею пад еўрапеізацыяй не толькі ўплыў палітыкі ЕЗ на нацыянальным узроўні, то бок падыход “зверху–ўніз”, а хутчэй працэс, які, па-першае, можа вертыкальна ажыццяўляцца ў абодвух кірунках, г. зн. з нацыянальнага або рэгіянальнага ўзроўню патрабаванні, прэтэнзіі ды policies пераносяцца на ўзровень ЕЗ, і які, па-другое, уключае ў сябе таксама гарызантальныя ўплывы і сувязі паміж рознымі ўзроўнямі інстытуцыянальнай сістэмы і сістэмы актораў, г. зн. паміж рэгіёнамі, НДА, дзяржавамі[15]. Гэта патрабуе таксама, каб, напрыклад, інстытуцыянальнае навучанне ажыццяўлялася не толькі на нацыянальным або рэгіянальным узроўнях пад кіраўніцтвам ЕЗ, як меркавалася ў межах ранейшых падыходаў да еўрапеізацыі[16], але і на еўрапейскім узроўні, г. зн. нацыянальныя або рэгіянальныя policies таксама могуць адлюстроўвацца на еўрапейскім узроўні і генераваць там мадыфікацыі еўрапейскіх policies. Гэта была б перспектыва “знізу–ўверх”[17], якая ў літаратуры апошнім часам называецца таксама мадэллю макрапрацэсу (macro-process model). Паводле такой мадэлі, Еўразвяз – гэта арэна, якая інтэгруе нацыянальныя і транснацыянальныя працэсы ды інстытуцыі ды ў якой нацыянальныя элементы пераносяцца на еўрапейскі ўзровень. Праўда, акурат у дачыненні новых краінаў ЕЗ і таксама дзяржаваў Усходняй Еўропы, якія імкнуцца ўступіць у Еўразвяз, абмяркоўваецца таксама пераходны тып; як піша Тым Байхэльт (Timm Beichelt), еўрапеізацыя вызначаецца як трансфармацыя, якая падхоплівае еўрапейскія імпульсы і адначасова прызнае ўнутраныя фактары трансфармацыі[18].

Такім чынам, еўрапеізацыя – гэта 1) выпадковы працэс, які патэнцыйна можа ісці ў розных кірунках, 2) які ўспрымае адрозненні як магчымую рэалізацыю еўрапейскай інтэграцыі на фоне прававых, эканамічных і культурных агульных рысаў і 3) які бачыць цэнтральна- і ўсходнееўрапейскія перспектывы, асаблівасці ды эмпірыку не як рэштавыя з’явы іншага мінулага, а як унёсак у шырокі дыскурс самастварэння Еўропы.

Уздоўж лініяў, вызначаных палітычна-інстытуцыянальным, культурна-гістарычным і грамадскім вымярэннямі, я хацеў бы цяпер зрабіць накід эмпірычнага ўспрымання Еўропы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (з апірышчам на міжнародныя даследаванні, літаратуру па тэме і ўласныя разважанні) і пры гэтым вызначыць патэнцыял інтэграцыі ды адрозненняў.

ІІ.        Эмпірыка еўрапеізацыі ў розных вымярэннях

а) палітычна-інстытуцыянальнае вымярэнне

ЕЗ таксама ахвотна апісваюць як дэмакратычны клуб і да ўмоваў уступлення ў яго адносяцца наяўнасць дэмакратыі ды прававой дзяржавы, а таксама рынкавай эканомікі. Аднак нягледзячы на сяброўства цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краінаў у ЕЗ дэмакратычныя рэаліі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе публіцысты і даследнікі трансфармацыі разглядаюць хутчэй крытычна. Так, Крыстыян Шміт-Гоер (Christian Schmidt-Häuer) у тыднёвіку “Die Zeit” у артыкуле пад назваю “Die Verführung Europas” указвае на папулізм і нацыяналізм у маладых дэмакратыях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы[19]. У сацыялагічных аглядных публікацыях таксама ўказваецца на антысістэмныя і радыкальныя партыі, як, напрыклад, вугорскую Партыю праўды і жыцця (MIEP), Славацкую нацыянальную партыю (SNS), Камуністычную партыю Багеміі ды Маравіі (KSCM) або Лігу польскіх сем’яў (LPR), якія дзе-нідзе ўваходзяць ва ўрады. Наколькі пазітыўна разглядаецца ўплыў ЕЗ як вонкавага фактару ў сферы трансфармацыі эканомікі, настолькі ўсё ж такі палажэнні, прынятыя дзякуючы acquis communautaire, абмежавалі ў сацыяльнай і палітычнай сферах трансфармацыі свабоду дзеянняў у новых краінах Еўразвязу і тым самым паспрыялі поспеху названых прастэстных партыяў, лічыць Тым Байхэльт[20]. Можна шырока абмяркоўваць, ці магчыма прыпісваць поспех гэтых партыяў і дагэтуль назіраныя вострыя ўнутрыпалітычныя канфлікты ў пытаннях рэлігіі, нацыі або камуністычнага мінулага абмежавальнаму ўплыву Еўразвязу або хутчэй гэтаму паспрыяла ўнутрыпалітычная логіка змены сістэмы. Нарматыўныя канфлікты вакол падставаў новых дэмакратыяў не здаюцца незвычайнымі ў гістарычнай рэтраспектыве, калі мы, напрыклад, паглядзім на спрэчкі вакол рэмілітарызацыі ФРГ у 1950-х гг.

Як наступны крытычны пункт у падыходзе да Цэнтральнай і Усходняй Еўропы прыводзіцца параўнальна слабая база дэмакратыі. Хоць у цэлым наяўнасць дэмакратыі і прызнаецца, што нядаўна засведчыла ўступленне ў ЕЗ, але ж пакуль не хапае больш глыбокага прымання таго спосабу, якім дэмакратыя функцыянуе, і пазітыўнай прывязкі ў палітычнай культуры маладых дэмакратыяў. Насамрэч, калі аналізаваць звесткі “Еўрабарометру”, то кідаюцца ў вочы малая задаволенасць функцыянаваннем дэмакратыі ў новых сябрах ЕЗ і адрозненні ў параўнанні са старымі краінамі Еўразвязу[21]. Гэтае скептычнае стаўленне да функцыянавання дэмакратыі паказваюць таксама і шырэйшыя за “Еўрабарометр” даследаванні аўстрыйскіх палітолагаў Пэтэра А. Ульрама (Peter A. Ulram) і Фрыца Плясэра (Fritz Plasser), але ўрэшце гэта толькі пацверджанне тэзы, прадстаўленай палітычнымі даследаваннямі культуры, наконт інтэрналізацыі дэмакратычных каштоўнасцяў, якая адбываецца цягам пакаленняў. Гэтую тэзу ў мадэлі дэмакратычнай кансалідацыі прадстаўляе таксама вядучы нямецкі даследнік трансфармацыі Вольфганг Мэркель (Wolfgang Merkel), які называе яе шматузроўневаю мадэллю[22].

Звесткі з міжнародных даследаванняў пацвярджаюць характарыстыкі маладых дэмакратыяў, як выявіў Дырк Бэрг-Шлёсэр (Dirk Berg-Schlosser) у падборцы розных канцэптаў[23]. Штогадовы даклад “Freedom House” пад назваю “Nations in Transit” вымярае такія катэгорыі, як узровень дэмакратыі (democratic score), нацыянальнае дэмакратычнае ўпраўленне (national democratic governance), выбарчы працэс (electoral process), грамадзянская супольнасць (civil society), незалежныя медыі (independent media), мясцовае дэмакратычнае ўпраўленне (local democratic governance), судовая сістэма і незалежнасць (judicial framework and independence), карупцыя (corruption). І гэты даклад канстатуе – нягледзячы на агульны прагрэс у розных сферах – таксама рэгрэс і адкат назад у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Нягледзячы на далейшае прытрымліванне рэфармісцкіх падыходаў і сяброўства ў ЕЗ і НАТО даклад фіксуе наступнае:

 “Аднак гэтыя краіны па-ранейшаму застаюцца ў комплексных і часам хаатычных рэаліях станаўлення дэмакратычнай сістэмы. Спакуса для палітычных элітаў у шэрагу новых сябраў ЕЗ пагнацца за вузкімі, прыватнымі інтарэсамі замест больш шырокага агульнага дабра застаецца сур’ёзнаю праблемаю ва ўмовах, калі шмат хто з шараговых грамадзянаў адчувае адчужэнне ад тых, хто кіруе. Такі ж клопат выклікае з’яўленне стомленасці ад палітычных рэформаў”[24]. У якасці пунктаў крытыкі прыводзяцца трывалая карупцыя і спробы палітычных элітаў уплываць на медыі[25].

Юрген Наер (Jürgen Neyer) у дакладзе пра вонкавую дэмакратызацыю у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прапаноўвае тэзу, што як поспех фармальнай дэмакратызацыі, так і правал глыбокай, інтэрналізаванай дэмакратызацыі, які назіраецца дагэтуль, у роўнай ступені тлумачыцца ўплывам ЕЗ, бо магчыма, што вонкава фарсіраваны працэс дэмакратызацыі прывёў да грамадскага дыстанцыявання[26]. Хаця для тэзы пра вонкава фарсіраваны працэс дэмакратызацыі па той бок юрыдычных палажэнняў acquis communautaire – і не аспрэчваючы ўплыву ЕЗ як спадарожнага фактару – даволі лёгка знайсці эмпірычнае пацверджанне, але выглядае на тое, што ўяўныя перавагі ЕЗ у розных сферах палітыкі ў пары са спадчынаю з таталітарна-аўтарытарных часоў супольна нясуць адказнасць за недастатковую актуальную дэмакратызацыю. Доўгі час аб’ектнасць грамадстваў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы іх у адносінах да ЕЗ, якую яны самі адчувалі, давала праекцыйную прастору як для перабольшаных чаканняў ад ЕЗ, так і для толькі часткова абгрунтаваных асцярогаў перад занадта далёка ідучым інтэграцыйным працэсам.

Адлюстраваныя адрозненні паміж старымі і маладымі дэмакратыямі ў ЕЗ з аднаго боку можна патлумачыць вынікамі трансфармацыі ды іншага гістарычнага досведу краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля 1945 г. З другога боку, у гэтым можа праяўляцца іншае разуменне дэмакратыі. Вядома, датычыць гэта не антысістэмных партыяў, а спосабу палітычнай палемікі на палітычнай сцэне і ўяўленняў пра далейшае развіццё дэмакратыі. Ульрых Гальтэрн (Ulrich Haltern) у нядаўна апублікаваным артыкуле ўказвае на канфлікт паміж разуменнем дэмакратыі ў Нямеччыне, Еўразвязе і ЗША і падкрэслівае ў дачыненні ЗША грамадзянска-рэлігійнае разуменне палітычнага. У той час як адносна ЗША ён апісвае каталіцкае ўяўленне (Imagination) палітычнага, уласцівым для Нямеччыны Гальтэрн лічыць пратэстанцкае ўяўленне палітычнага, а для Еўропы – секулярнае ўяўленне палітычнага. У той час як ЗША ставіць “у цэнтр суверэнную волю як крыніцу апошняга сэнсу (Letztbedeutung)”, у Нямеччыне гэта не суверэн, а дыскурс розуму ды інтарэсаў, “перамовы паміж групамі інтарэсаў, з якіх можна вывесці канстэляцыі вектараў для кумулятыўнага агульнага дабра”. У выпадку Еўропы (праекту еўрапейскай інтэграцыі) працэс дыфузіі суверэнітэту зайшоў аднак яшчэ далей. Значэнне суверэна істотна зменшылася[27]. Апісаны тут працэс дэсакралізацыі палітычнага можа праявіць адрозненні паміж ЗША і Нямеччынай, але застаецца пад пытаннем, ці можа тут ісці гаворка пра і надалей актуальнае апісанне еўрапейскага праекту. Або ЕЗ далей пойдзе па шляху прагрэсуючай, магчыма гамагеннай інтэграцыі – і тады Еўразвяз мусіць, калі ён хоча паслядоўна працягваць абмаляваны тут працэс дэсакралізацыі, уступіць у палеміку з супрацівам нацыяў, складзеных інакш або з мацнейшаю сакральнаю прывязкаю суверэна. Або праект еўрапейскай інтэграцыі застанецца на выключна праўна-эканамічным узроўні, і тады ўплыў на краіны ЕЗ згаданага вышэй секулярнага ўяўлення палітычнага практычна не мае значэння. Аналіз зместу значэння дэмакратыі ў новых сябрах Еўразвязу робіць яўным, на маю думку, больш моцнае акцэнтаванне суверэна і тым самым словамі Ульрыха Гальтэрна каталіцкае ўяўленне палітычнага; тым больш, што перад дыскусіяй вакол рацыянальнага развязання, якое заўсёды ідзе пасля лепшага аргументу, належыць абмеркаваць прынцыповыя пытанні грамадскай структуры (Verfasstheit). Для працэсу еўрапейскай інтэграцыі і для тэндэнцыяў еўрапеізацыі ў сферы палітыкі гэта значыла б, што толькі знізу яны могуць паспяхова вырасці па іншы бок патрабаванняў да палітычнай сістэмы. Аднак да сённяшняга дня не існуе яшчэ тыпу еўрапейскай дэмакратыі.

Побач з палітычна-праўнаю структураю краінаў ЕЗ, як гэта каротка разглядалася тут на прыкладзе фармавання і разумення дэмакратыі, канкрэтныя сферы палітыкі трэба праверыць на прадмет іх патэнцыялу еўрапеізацыі, чытай – тэндэнцыі ў кірунку адзінай пазіцыі. Як сфера вонкавай палітыкі, раз’яднанай, напрыклад, у дачыненні Расійскай Федэрацыі, так і сфера энергетычнай палітыкі застаюцца пры гэтым прыкладамі шырокай адсутнасці еўрапеізацыі ў палітыцы.

б) культурна-гістарычнае вымярэнне

Адносна культурна-гістарычнага вымярэння стаіць, на маю думку, вырашальнае пытанне, ці знаходзіцца ў стадыі ўзнікнення еўрапейская памяць, еўрапейскі ландшафт успамінаў нароўні з апісанымі шмат якімі гісторыкамі агульнымі прыкметамі еўрапейскай гісторыі культуры, паўсюдная прысутнасць якіх ува ўсіх еўрапейскіх нацыянальных гістарыяграфіях па меншай меры спрэчная. Гэта можа быць падставаю ўзмоцненай еўрапейскай ідэнтычнасці ды ў палітычным крызісе ЕЗ (што, напрыклад, актуальна пасля правалу Канстытуцыі Еўразвязу) можа паслужыць Звязу страхоўкаю. Да таго ж еўрапейская памяць (пацвярджэнне самому сабе таго, з чаго ў культурным і гістарычным сэнсе складаецца Еўропа) магла б стаць, паводле Гэльмута Кёніга (Helmut König), альтэрнатываю логікі homo oeconomicus, якая так доўга ўплывала на лёс ЕЗ[28]. Гэтае пытанне тым больш актуальнае сёння, калі старое разуменне сябе Еўропаю адышло ў мінулае пасля развалу камунізму. Прычым гэтыя дыскурсы самаразумення відавочна выраслі ў значэнні; нават у палітычнай навуцы, як падкрэслівае Гэльмут Кёніг, паступова расце перакананне, што пытанні ідэнтычнасці ды аспекты “палітычнага ды інстытуцыянальнага самаразумення” ёсць істотнымі, і не толькі праўная або палітычна-эканамічная інтэграцыя можа спрыяць сацыяльнай інтэграцыі ЕЗ[29].

У гэтым месцы я не хацеў бы паўтараць падыходы да памяці, да адрознення паміж памяццю і гісторыяй, паміж грамадскімі ўспамінамі ды гістарыяграфіяй, выкладзеныя Марысам Альбваксам (Maurice Halbwachs), Янам і Аляйдай Асман (Jan & Aleida Assmann) і шмат кім яшчэ ў апошнія гады. Яны ўсім вядомыя, і ўсе іх ужываюць. Пытанне пра “чаму” кан’юнктуры вывучэння і дэбатаў вакол нацыянальнай, а сёння магчыма і еўрапейскай памяці ў далейшым таксама не будзе ў цэнтры маёй увагі. Пры гэтым гіпотэза, што рост цікавасці да культурных пытанняў і тым самым таксама да памяці звязаны з канцом пэўнасцяў мадэрну і пачаткам эпохі, якую часта акрэсліваюць як постмадэрн[30], – гэта толькі частка тлумачэння гэтага еўрапейскага феномену. Развал камуністычнай сістэмы ва Усходняй Еўропе амаль мусова пацягнуў за сабой дыскурс самаразумення ў новых дэмакратыях, істотным складнікам якога ёсць ацэнка, новая інтэрпрэтацыя і рэвізія гісторыі[31]. Успрыняцце гэтага дыскурсу як адсталага нацыянальнага або нават нацыяналістычнага – чым ён часткова, напэўна, і ёсць – з боку заходніх даследнікаў паказвае цяжкасці ў знаходжанні дэфініцыі для еўрапейскай гісторыі. З іншага боку сучаснае прывязванне да нацыянальнага мінулага часта не рэфлексуецца, яно не звязанае з крытычнаю рэвізіяй гісторыі ды ўключае ў сябе небяспеку нацыянальнай мегаламаніі. Тут ЕЗ можа быць як карэктуючым фактарам – праз свае праўныя і палітычныя патрабаванні да дэмакратыі, абароны меншасцяў і правоў чалавека, – так і паверхняю для праекцыявання, каб праз адлюстраванне на еўрапейскім узроўні прызнаць і цывілізаваць нацыянальныя ўспаміны.

Але што можа быць складнікам еўрапейскага ландшафту ўспамінаў (Erinnerungslandschaft), што можа быць lieux de mémoire, распрацаванымі для Францыі П’ерам Нара (Pierre Nora) і для Нямеччыны Гагенам Шульцэ (Hagen Schulze) і Эт’енам Франсуа (Etienne Francois)[32]? Калі мы будзем дзеяць паводле таго ж прынцыпу, што названыя аўтары, то еўрапейскі ландшафт успамінаў будзе выключна дадатковым, як заўважае Гэльмут Кёніг. Гэта зводзіцца да таго, каб кожную ўласную важную гістарычную падзею або месца памяці транспартаваць вонкі і спадзявацца на прызнанне. Кёніг ставіць нашмат вышэйшую планку:

 “Каб пазбегчы выпадковасцяў такога кшталту, трэба прытрымлівацца крытэра, што толькі тыя феномены заслугоўваюць тытулу еўрапейскага месца памяці, якія не толькі паказваюць транснацыянальныя ўплывы, але і маюць на мэце таксама еўрапейскае, якія самі па сабе ёсць ужо сведчаннем еўрапейскай агульнасці і еўрапейскага памкнення да адзінства або прынамсі могуць мінулаю датаю лічыцца носьбітамі і першапраходцамі адзінай еўрапейскай памяці”[33].

Такая гістарычная падзея яшчэ дагэтуль не існуе. Такім чынам можна было б звярнуцца да гістарычных падзеяў, якія адлюстроўваюць волю еўрапейцаў да пераадолення нацыяналізму і да ўмацавання дэмакратыі ды прававой дзяржавы, а гэта негатыўныя прыклады абодвух таталітарызмаў ХХ ст.

У тым ліку гэта могуць быць розныя асобныя падзеі, як агульныя ўспаміны пра рэпрэсіі, паўстанні (напр., Варшаўскае паўстанне або паўстанне ў Вугоршчыне ў 1956 г.), пра выгнаннікаў ХХ ст. у кантэксце таталітарызмаў або знішчэнне еўрапейскіх габрэяў. Акурат Халакост дагэтуль успрымаецца як самае ранняе еўрапейскае месца памяці. Канферэнцыя на тэму Халакосту, якая адбылася ў Стакгольме ў студзені 2000 г.[34], а таксама дзень памяці 27 студзеня, які існуе ў шмат якіх краінах ЕЗ у гонар вызвалення Асвенціму, – усё гэта паказвае больш шырокае прыйманне ўспамінаў пра Халакост. Але спробы зрабіць з гэтага універсальны ўспамін супярэчаць, як падкрэслівае Гэльмут Кёніг, гетэрагеннасці ўспамінаў. Паводле яго, паўстае рэлігія памяці, якая праз свае рытуалы не пакідае больш месца для расповедаў[35].

На думку Даніэля Леві (Daniel Levy) ды Натана Шнайдэра (Natan Sznaider), дзякуючы стакгольмскай канферэнцыі Халакост афіцыйна зафіксаваны ў еўрапейскай памяці. Паводле іхнага меркавання, ён адпавядае ахвярацэнтрысцкаму, касмапалітычнаму ўспаміну, які пераходзіць межы недатыкальнай раней нацыі і праз дэлакалізацыю робіць магчымым універсальную камэмарацыю[36].

Нават калі не ўлічваць факту, што еўрапейскія ўспаміны не проста ўпарадкаваць і што мусіць застацца месца для разнастайнасці нацыянальных, рэгіянальных ды індывідуальных успамінаў, разыходжанне адносна ўспамінаў камуністычных дыктатураў кідаецца ў вочы. Дагэтуль Еўрапарламент не здолеў зацвердзіць адпаведнай рэзалюцыі, якой патрабавалі цэнтральна- і ўсходнееўрапейскія палітыкі. Рада Еўропы ў 1996 і 2006 гг. ужо ясна выказалася ў адпаведных рэзалюцыях, таму адсутнасць аналагічнай дэкларацыі – гэта ўказанне на адрозныя пункты погляду на гісторыю[37]. У вусных запытах парламентарыяў у Еўрапарламенце гаворка ідзе пра антыкамуністычную кампанію, у тым ліку ў адносінах імкнення польскага Інстытуту нацыянальнай памяці правесці суд над генералам Чэславам Кішчакам (Czesław Kiszczak)[38]. Пры гэтым нягледзячы на розныя ацэнкі асобных перыядаў народных рэспублікаў і варыяцыяў у асобных посткамуністычных краінах перапрацоўванне камуністычнага перыяду ёсць цэнтральным, і ў гэтых грамадствах няма сумневаў у злачынным характары камуністычнага рэжыму, у камуністычнай несправядлівасці ў кантэксце падаўлення паўстання ў Вугоршчыне, падаўлення “Пражскай вясны”, змагання з “Салідарнасцю” або акупацыі балтыйскіх краінаў. Звязаныя з гэтым, часта вельмі дыферэнцыяваныя дэбаты наконт ацэнкі народных рэспублікаў практычна не бяруцца да ўвагі[39] ў прэсе або даследаваннях у заходніх краінах ЕЗ. Нягледзячы на важнасць Халакосту для нацыянальнай гістарыяграфіі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, для фармавання крытычнага наратыву гісторыі, які Шнайдэр і Леві лічаць фармуючым для Заходняй Еўропы пасля 1945 г.[40], не будзе ерассю сцвярджаць, што для іх па-ранейшаму нацыянальна вызначаных наратываў дамінантай ёсць не Халакост, а камуністычнае панаванне ХХ ст., і што пераасэнсаванне апошняга стаіць у цэнтры ўвагі. З адкрыццём наноў габрэйскай спадчыны, з важнымі грамадскімі дэбатамі наконт калабарацыі, пасіўнасці або ўласных злачынстваў у Літве, Польшчы, Вугоршчыне ды іншых цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краінах паступова ажыццяўляецца адкрыванне наратыву, у той час як у заходнееўрапейскіх краінах злачынствы камунізму практычна не граюць ніякай ролі.

Такая розніца гістарычнага досведу, як гэта акрэсліў Браніслаў Гэрэмэк (Bronislaw Geremek), чытаецца і ў іншых гістарычных падзеях. Ён указвае на абедзве сусветныя вайны ды іх рознае ўспрыманне, на гісторыю дэмакратычнай апазіцыі ва Усходняй Еўропе, для якой, напрыклад, 1968 г. мае зусім іншае значэнне, чым на Захадзе, і кастатуе:

 “Адрозненняў паміж падзеямі ў Еўропе на Усходзе і Захадзе занадта шмат і яны занадта унікальныя, каб можна было разглядаць іх як частку разнастайнасці, характэрнай для развіцця Еўропы ды еўрапейскай цывілізацыі”[41].

Шмат якія цэнтральна- і ўсходнееўрапейскія гісторыкі, як Іштван Бібо (Istvan Bibo), Оскар Галецкі (Oskar Halecki) або Енё Сюч (Jenö Szücs), даследавалі асаблівасці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і ў іншых сферах, хоць гэта і не знайшло важкага адлюстравання ў агульнай гістарыяграфіі заходніх дзяржаваў. Так, акурат адсутнасць абсалютызму на французскі або расійскі манер у гэтым рэгіёне, на што ўказвае Сюч[42], магло б стаць добрым пунктам пачатку адліку для еўрапейскіх традыцыяў самакіравання.

Рознае стаўленне да мінулага ўрэшце аказвае ўплыў і на білатэральныя стасункі, напрыклад, у адносінах Польшчы і Нямеччыны, дзе ацэнкі значнасці выгнання немцаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля ІІ сусветнай вайны значна адрозніваюцца, нягледзячы на навуковыя, публіцыстычныя і часткова нават грамадскія дэбаты ў закранутых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У той час як у апошнія гады тэма выгнання ў Нямеччыне імкліва вярнулася на палітычную сцэну, у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у Чэхіі ды Польшчы, былі сфармуляваныя асцярогі перад пераінтэрпрэтацыяй гісторыі. І незалежна ад таго, ці адпаведныя яны, гэтыя асцярогі ўсё ж такі аказваюць пэўнае ўздзеянне.

З гэтых кароткіх заўвагаў да культурна-гістарычнага вымярэння, на маю думку, можна зрабіць дзве высновы.

Па-першае, развагі наконт фармавання еўрапейскай памяці сёння ёсць інтэлектуальнымі гульнямі на фоне існых адрозненняў паміж нацыянальнымі гістарыяграфіямі ды паміж Усходам і Захадам.

Гэта значыць, па-другое, што няма альтэрнатывы павольнаму вырастанню еўрапейскага ландшафту ўспамінаў. Паводле Карла Шлёгеля (Karl Schlögel), гаворка не можа весціся “пра тое, каб “скласці” нешта кшталту “еўрапейскай памяці”, вымаляваць панараму еўрапейскіх успамінаў, нават у агульных рысах, не кажучы ўжо пра дэталі. …Бачанні еўрапейскай прасторы памяці… маюць у сабе нешта напружанае, фарсіраванае, штучнае. Культуру ўспамінаў і памяці нельга зрабіць і нельга арганізаваць, яны растуць – або не… Размова пра еўрапеізацыю памяці з гэтай прычыны – гэта хутчэй гутарка пра мадальнасці генезісу жывой гістарычнай свядомасці, чым размова пра канкрэтныя формы і змест”[43].

Такім чынам, у культурна-гістарычным вымярэнні еўрапеізацыя наўрад ці дадзеная. І без сумневу яна мае расці знізу, яе нельга ”спусціць” зверху.

в) грамадскае вымярэнне

Працэсы еўрапеізацыі датычаць, вядома, не толькі палітычна-юрыдычнага і культурна-гістарычнага вымярэнняў, але ахопліваюць таксама грамадскае вымярэнне, то бок уяўленні пра Еўропу, успрыняцце яе і наўпроставы ўплыў ЕЗ і працэсу інтэграцыі на сферы грамадскіх актораў, прычым ізноў такі ўздзеянні еўрапеізацыі тэарэтычна трэба разглядаць у абодвух кірунках. Каб прааналізаваць гэта, я спачатку хацеў бы зрабіць кароткі накід вобразу Еўропы і ўрэшце спыніцца на рэгіянальнай палітыцы ЕЗ ў дачыненні Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Як ужо адзначалася адносна культурна-гістарычнага вымярэння, існуюць надзвычай адрозныя гістарычныя вобразы Еўропы. Гэта таксама знаходзіць адлюстраванне ў асацыяцыях з Еўропаю, у прыняцці ЕЗ і чаканнях, якія з ім звязваюцца. У адпаведнасці з тэндэнцыяй можна канстатаваць, што, паводле апошняга “Еўрабарометру” (№ 69), узровень пазітыўнага стаўлення да ЕЗ і вынікаў сяброўства ў Еўразвязе ў новых краінах-удзельніцах вышэй, чым у старых краінах ЕЗ – выключэнне складаюць толькі Латвія з троху ніжэйшым за сярэдняе значэнне па ЕЗ вынікам і Вугоршчына са значна ніжэйшым паказнікам. Што праўда, лінія падзелу пры даверы еўрапейскім інстытуцыям ўжо не пралягае ўздоўж мяжы старых і новых краінаў ЕЗ. Праўда, нашмат больш выразнымі робяцца адрозненні, калі разглядаць асобныя палітычныя пытанні.

У пытанні пашырэння ЕЗ у Нямеччыне, напрыклад, пераважна пануе скепсіс наконт прыняцця вялікіх, эканамічна менш развітых краінаў, як Турцыя або Украіна (77 % выступаюць супраць далучэння Турцыі да Еўразвязу, 61 % – супраць сяброўства Украіны). У Францыі вынікі падобныя: 71 % адносна Турцыі, 51 % адносна Украіны. У Польшчы ж наадварот – 43 % выступаюць за прыняцце Турцыі ў Еўразвяз і ажно 73 % за прыняцце Украіны[44].

Выразныя адрозненні выяўляюцца таксама ў прадстаўленых каштоўнасцях. Меркавання, што няма агульных еўрапейскіх каштоўнасцяў, а ёсць толькі глабальныя заходнія, прытрымліваецца шмат хто ў заходніх, старых краінаў ЕЗ. У той час як у новых сябрах Еўразвязу пашыранае перакананне, што існуюць агульныя еўрапейскія каштоўнасці[45].

 

Адрозненні кідаюцца ў вочы і ў дачыненні іншай сферы палітыкі – рэгіянальнай палітыкі ЕЗ. Еўрапейскі Звяз у апошнія гады праз палітыку кагезіі надаваў вялікае значэнне фармаванню рэгіёнаў або іх узмацненню. Цягам працэсу ўступлення ў Звяз ува ўсіх новых краінах-удзельніцах ствараліся структуры паводле прынцыпаў NUTS (наменклатура тэрытарыяльных адзінак для патрэбаў статыстыкі). У дадатак, рэалізацыя палітыкі кагезіі патрабуе развіцця нацыянальных інструментаў рэгіянальнай палітыкі, стварэння нацыянальных планаў развіцця і да таго падобнага. З гэтага на першы погляд можна вывесці кіроўны ўплыў ЕЗ, то бок еўрапеізацыю зверху. Але ж калі мы бліжэй звернемся да створаных рэгіянальных інстытуцыяў ды гісторыі іх паўставання, тэза наконт прагрэсу еўрапеізацыі ўсё ж такі зробіцца значна слабейшаю.

Еўракамісія ў перамовах з краінамі-кандыдатамі і ў кантэксце так званай Агенды 2000 асабліва ўмацоўвала субнацыянальны ўзровень. Гэта рабілася праз упор на дэцэнтралізацыю праз партнёрскія дамовы аб далучэнні ды перамовы і нават вызначэнне сродкаў у межах праграмы PHARE – перадусім для субнацыянальных актараў або праграмаў і праектаў, якія асабліва ўмацоўваюць рэгіянальных і лакальных актораў[46]. У палітычнай сферы ЕЗ таксама выкарыстоўвала наўпроставы ціск для стварэння рэгіянальных структураў. Раздзел 21 acquis датычыў кагезіі і рэгіянальнай палітыкі ЕЗ і ў гэтым кантэксце Еўразвяз патрабаваў увядзення класіфікацыяў NUTS 2 і 3 у адпаведнасці з “Еўрастатам”, а таксама пацвярджэння кіроўных паўнамоцтваў субнацыянальных уладаў пры кантакце з структурнымі праграмамі ЕЗ і ўжывання прынцыпу партнёрства для супрацы паміж лакальнымі ўладамі ды недзяржаўнымі акторамі. Як адзначае Даніэль Спіцца (Daniel Spizzo) з апірышчам на Даклады аб прагрэсе, у гэтых трох сферах ЕЗ канстатавала заўважны прагрэс ува ўсіх цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краінах-партнёрах[47].

Гэты эканамічны і палітычны ціск ЕЗ нельга ўсё ж такі прыраўноўваць да еўрапеізацыі зверху. Калі мы разгледзім хаду дэбатаў наконт дэцэнтралізацыі ў былых краінах-кандыдатах і вынікі працэсу дэцэнтралізацыі, то мы атрымаем іншую карціну. Чэхія, Румынія, Славакія, Балгарыя і Вугоршчына, агулам пяць краінаў, адмыслова стварылі рэгіёны ў адпаведнасці з NUTS II. Польшча павялічыла свае ўжо існыя рэгіёны (ваяводствы). На лакальным узроўні (NUTS 3) у Вугоршчыне, Румыніі, Польшчы, Чэхіі ды Славакіі з сярэдзіны 1990-х гг. таксама пачаліся рэформы. Што праўда, эфект дэмакратызацыі, да якога імкнуўся Еўразвяз, даволі малы. За выняткам Польшчы створаныя ў іншых краінах рэгіёны – гэта толькі статыстычныя велічыні[48]. Выказаную прыхільнікамі падыходу rational choice гіпотэзу пра няспынныя інстытуцыянальныя змены і еўрапеізацыю ў сферы дэцэнтралізацыі ды рэгіяналізацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе у любым выпадку нельга эмпірычна пацвердзіць як няспынны працэс адаптацыі[49]. У дачыненні Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Марцін Брусіс (Martin Brusis) падкрэслівае дамінаванне нацыянальных кантэкстаў у працэсе дэцэнтралізацыі ў рэгіёне (на падставе аналізу інстытуцыянальнага дызайну і падыходаў у палітыцы ЕЗ з аднаго боку і на падставе палітычных падыходаў з другога)[50].

Нават калі наўпроставыя ўплывы ЕЗ можна выявіць толькі маргінальна – напрыклад, у замацаванні фармальных рэгіёнаў NUTS II, – існуе ўсё ж такі доўгатэрміновы, ускосны ўплыў ЕЗ. Усе новыя краіны ЕЗ прадстаўленыя, вядома, у Камітэце рэгіёнаў. І нават больш за тое, польскія ваяводствы маюць сваё ўласнае прадстаўніцтва ў Бруселі. Да таго ж у межах еўрарэгіёнаў падтрымліваецца супраца, якая выходзіць за межы і якая можа ў догай перспектыве ўмацаваць рэгіянальных актораў. Пры гэтым гаворка ідзе аднак толькі пра патэнцыйны доўгатэрміновыя вынікі. Само ажыццяўленне рэгіянальнай палітыкі ЕЗ у гэтых рэгіёнах істотна залежыць ад цэнтральных урадаў. Гэта датычыць і польскіх ваяводстваў, наймацнейшых рэгіёнаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якія яшчэ толькі ў вельмі абмежаваным аб’ёме распрацоўваюць уласны план развіцця.

Такім чынам ў грамадскім вымярэнні еўрапеізацыя толькі ў вельмі малой ступені адбываецца як актыўнае кіраванне з боку ЕЗ, адсутнічаюць моцныя перадумовы[51]. Але ўсё ж такі, апроч эндагенных падзеяў у краінах, ЕЗ стварае дадатковыя стымулы для ўзмацнення рэгіянальных і лакальных актораў, для іх большай інстытуцыянальнай прывязкі ды транснацыяналізацыі – ці то праз уласнае прадстаўніцтва пры ЕЗ, ці то праз трансмежную кааперацыю. Імпульсы еўрапеізацыі перадаюцца ў значнай ступені знізу ўверх.

ІІІ.      Больш плюральнасці значыць больш Еўропы

Параўнанне палітычна-інстытуцыянальнага, культурна-гістарычнага і грамадскага вымярэнняў еўрапеізацыі паказала абмежаваны ўплыў еўрапеізацыі зверху. Еўропа і еўрапейская інтэграцыя растуць у рамачных умовах еўрапейскіх дамоваў перадусім знізу. Разам з тым, выяўляецца вельмі гетэрагенная карціна працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Адрозненні паміж старымі ды новымі краінамі ЕЗ у сферы фармавання дэмакратыі даволі значныя, як і ў сферы замацаваных у грамадстве карцінаў гісторыі. Так што ў найлепшым выпадку больш выразнымі сталі падыходы да еўрапейскага шляху дэмакратыі – менш сакральнай, з акцэнтам на афармленне ў выглядзе сістэмы правоў і абавязкаў, – да еўрапейскай гістарычнай памяці ў плане скіраванасці ЕЗ (яны зрабіліся яўнымі ў выглядзе стаўлення да каштоўнасцяў і пашырэння Еўразвязу), і да значэння рэгіёнаў.

З пункту гледжання эмпірычных звестак еўрапеізацыя тым самым – нашмат больш комплексны працэс, чым доўгі час лічылася ў палітычнай навуцы, як паказвае наступная табліца.

Абмаляваныя тут працэсы еўрапеізацыі або вымярэнні Еўропы мусяць таксама ўплываць на скіраванасць ЕЗ, бо лінейная, усё больш глыбокая інтэграцыя ў бліжэйшай будучыні падаецца мала рэалістычнаю. У дэбатах разглядаюцца сектаральнае паглыбленне, выключна функцыянальнае будаванне, ступені інвалюцыі існых пагадненняў і працэсы дэзінтэграцыі ў кірунку міжурадавага звязу[52]. Неаднаразова прапанаваныя варыянты ядра Еўропы[53] ды Еўропы дзвюх хуткасцяў хоць і гучаць прыцягальна, але пытанне, хто сюды мусіць належаць, – нашмат складанейшае, чым маляўнічая формула. Ці можна ўявіць ядро Еўропы без вялікіх краінаў ЕЗ? Ці распаўсюджваецца сектаральная супраца на ўсе сферы палітыкі, напрыклад, і на вонкавую палітыку? Як тады Еўразвяз будзе спраўляцца з непазбежным ростам адрозненняў? Ці будуць тады працэсы еўрапеізацыі ў змененых уладных адносінах працякаць толькі з цэнтру да перыферыі?

На маё меркаванне, найперш перад усімі разважаннямі пра будучыню ЕЗ трэба ставіць не пытанне, як магчымае далейшае паглыбленне інтэграцыі, а хутчэй пытанне прыняцця адрозненняў ды іх патэнцыялу ў Еўропе, як гэта таксама апісваюць Бэк і Грандэ ў сваім праекце касмапалітызацыі Еўропы. Не дырэктывы Бруселю, volens nolens нацэленыя на большую інтэграцыю і гамагеннасць, канстытуююць еўрапейскую публічнасць і сувязь ЕЗ з грамадзянамі, а жывыя традыцыі, розныя гістарычныя наратывы Еўропы, практыкі грамадзянскага ўдзелу, розныя віды дэмакратыі ды інш. На фоне ўжо паўсталых механізмаў рэгулявання, інавацыяў для будучыні Еўропы трэба чакаць, на маю думку, не ад Еўракамісіі або брусельскага чынавенства, а хутчэй ад еўрапеізацыі знізу.

Пераклад з ням. мовы А. Талапiлы 


[1] Параўн. Wessels, W. Das politische System der Europäischen Union. Wiesbaden, 2008. P. 27-28.

[2] Параўн. Conzelmann, T., Knodt, M. (Hg.). Regionales Europa – Europäisierte Regionen. Frankfurt, New York, 2002.

[3] Параўн. Voglrieder, S. Europäische Identität und Europäische Union / Wilfried Loth (Hrsg.). Das europäische Projekt zu Beginn des 21. Jahrhunderts. Opladen, 2001. Р. 177ff.

[4] Параўн. Eder, K. Integration durch Kultur? Das Paradox der Suche nach einer europäischen Identität / Reinhold Viehoff, Rien T. Segers (Hrsg.). Kultur, Identität, Europa. Über die Schwierigkeiten und Möglichkeiten einer Konstruktion. Frankfurt/Main, 1999. Р. 147-179.

[5] Параўн. Vietta, S. Europäische Kulturgeschichte. Eine Einführung. Paderborn, 2007. Р. 435ff.

[6] Параўн., напрыклад: Auzépy-Chavagnac, V. L’Europe au risque de la démocratie. Essai sur le sens de la construction européenne. Paris, 2006 ; Collignon, S. Vive la République Européenne ! Préface d’Arnaud Montebourg. Dijon, 2004 ; Hurrelmann, A. Verfassung und Integration in Europa. Wege zu einer supranationalen Demokratie. Frankfurt/Main, 2005.

[7] Beck, U., Grande, E. Das kosmopolitische Europa. Frankfurt/Main, 2007. Р. 13-14.

[8] Параўн.: Ibid. P. 17ff.

[9] Ibid. P. 29.

[10] Параўн. ibid, P. 33ff.

[11] Münch, R. Die Konstruktion der europäischen Gesellschaft. Zur Dialektik von transnationaler Integration und nationaler Desintegration. Frankfurt/Main, 2008. Р. 17ff.

[12] Цыт. паводле Bache, I. Europeanization and multi-level governance: Empirical findings and conceptual challenges. Working Paper. No.16. July 2008. Arena Working Paper, Oslo. Р. 2.

[13] Andersen, S. S., Sitter, N. Differentiated Integration. Working Paper No. 5. February 2006. Arena Oslo. Р. 13.

[14] Параўн. ibid, P.13ff.

[15] Гл. падсумаванне па панятку еўрапеізацыі ў: Maatsch, A. National Citizenship Legislation in the European Kin-States: Germany, Hungary and Poland (1985-2007). Bremen, 2008. Р. 139ff.

[16] Параўн. Schmidt, V. A., Radaelli, C. M. Policy Change and Discourse in Europe: Conceptual and Methodological Issues / West European Politics. Vol. 27. No. 2.March 2004. Р. 189ff.

[17] Параўн. ibid, P. 191-192.

[18] Параўн. Beichelt, T. Dimensions of Europeanisation / François Bafoil, Timm Beichelt (Eds.). Européanisation. D’Ouest en Est. L’Harmattan, 2008. Р. 2.

[19] Параўн. Schmidt-Häuer, C. Die Verführung Europas // Die Zeit. Nr. 5. 25.01.2007.

[20] Параўн.: Beichelt, T. Die große Ernüchterung? Politische Entwicklungen in den neuen Mitgliedstaaten seit dem Beitritt zur Europäischen Union / Jule Böhmer, Marcel Vietor (Hrsg.). Osteuropa heute. Entwicklungen – Gemeinsamkeiten – Unterschiede. Hamburg, 2007. Р. 50ff; Jacobs J. Tücken der Demokratie. Antisystemeinstellungen und ihre Determinanten in sieben post-kommunistischen Transformationsländern. Wiesbaden, 2004.

[21] Параўн. Beichelt, Т. Die große Ernüchterung? Р. 57.

[22] Параўн. Merkel, W. Systemtransformation. Eine Einführung in die Theorie und Empirie der Transformationsforschung. Opladen, 1999. Р. 145ff.

[23] Параўн. Berg-Schlosser, D. The Quality of Democracies in Europe as Measured by Current Indicators of Democratization and Good Governance // Journal of Communist Studies and Transition Politics. Vol. 20. No. 1. March 2004. Р. 34.

[24] Walker, C., Goehring, J. Petro-Authoritarianism and Eurasia’s New Divides. Freedom House, 2008 Edition. www.freedomhouse.org.

[25] Параўн. ibid.

[26] Параўн. Neyer, J. Externe Demokratisierung in Mittel- und Osteuropa und die Beständigkeit der politischen Kultur / Dieter Gosewinkel, Gunnar Folke Schuppert (Hrsg.). Politische Kultur im Wandel von Staatlichkeit. WZB-Jahrbuch. Berlin, 2007. Р. 234-235.

[27] Параўн. Haltern, U. Konfligierende Demokratieverständnisse als utnerschiedliche Imaginationen des „body politic“ in Deutschland, der EU und den USA / Dieter Gosewinkel, Gunnar Folke Schuppert (Hrsg.). Politische Kultur im Wandel von Staatlichkeit. WZB-Jahrbuch. Berlin, 2007. Р.  252.

[28] Параўн. König, H. Europas Gedächtnis. Sondierungen in einem unübersichtlichen Gelände / Ders. et alt. (Hrsg.). Europas Gedächtnis. Das neue Europa zwischen nationalen Erinnerungen und gemeinsamer Identität. Bielefeld, 2008. Р. 10.

[29] Параўн. ibid, P.12.

[30] Параўн. ibid, P. 13.

[31] Параўн. Krasnodębski, Z., Garsztecki, S., Ritter, R. (Hrsg.). Last der Geschichte? Kollektive Identität und Geschichte in Ostmitteleuropa. Belarus, Polen, Litauen, Ukraine. Hamburg, 2008.

[32] Тут перадаецца паводле König. Europas Gedächtnis. Р. 21.

[33] Ibid, P. 22.

[34] Ibid, P. 24-25.

[35] Ibid, P. 26-27.

[36] Параўн. Levy, D., Sznaider, N. Erinnerung im globalen Zeitalter: Der Holocaust. Frankfurt/Main, 2007. Р. 216ff.

[37] Параўн. Klein, A. M., Fiedler, M. Die Aufarbeitung der kommunistischen Diktatur als europäische Aufgabe // www.kas.de/lettland. April 2008.

[38] Параўн. Mündliche Anfrage H-0486/06 / www.europarl.de /service/dokumente/dokumentenregister.html

[39] Параўн. Pók, A. Der Kommunismus in ostmitteleuropäischen Nationalgeschichten // Das Parlament. Nr. 1. 31.12.2007.

[40] Параўн. Levy / Sznaider. Erinnerung. Р. 227.

[41] Параўн. Geremek, B. Ost und West: Geteilte europäische Erinnerung / Helmut König et alt. (Hrsg.). Europas Gedächtnis. Das neue Europa zwischen nationalen Erinnerungen und gemeinsamer Identität. Bielefeld, 2008. Р. 139.

[42] Параўн. Szücs, J. Die drei historischen Regionen Europas. Frankfurt, 1994. Р. 72.

[43] Schlögel, K. Europa neu vermessen: Die Rückkehr des Ostens in den europäischen Horizont / Helmut König et alt. (Hrsg.). Europas Gedächtnis. Das neue Europa zwischen nationalen Erinnerungen und gemeinsamer Identität. Bielefeld, 2008. Р. 163-164.

[44] Усе звесткі паводле “Eurobarometer 69», часткова таксама з асобных справаздачаў па краінах. Параўн. ec.europa.eu/public_opinion/archives/eb/eb69

[45] Параўн. ibid.

[46] Гл. Даследаванні праграмы PHARE: Spizzo, D. Local governance in Central and Eastern Europe: the decentralising impact of EU pre-accession policies / Zdenka Mansfeldová, Vera Sparschuh, Agnieszka Wenninger (Eds.). Patterns of Europeanisation in Central and Eastern Europe. Hamburg, 2005. Р. 151ff.

[47] Параўн. ibid, P. 156-157.

[48] Параўн. ibid, P. 150, 159-160.

[49] Параўн. у якасці агляду: Bauer M. W., Pitschel, D. Europäisierung als Erklärung von Dezentralisierung und Regionalisierung in Mittel- und Osteuropa – Mehr Fragen als Antworten / Europäisches Zeitraum für Föderalismus-Forschung Tübingen (Hrsg.). Jahrbuch des Föderalismus 2006. Föderalismus, Subsidiarität und Regionen in Europa. Baden-Baden, 2006. Р. 44- 56.

[50] Параўн. Brusis, M. Between EU Requirements, Competitive Politics, and National Traditions: Re-creating Regions in the Accession Countries of Central and Eastern Europe // Governance: An International Journal of Policy, Administration, and Institutions. Vol. 15. No. 4. October 2002. Р. 531-559.

[51] На гэта ўказваюць уласна ўсе даследаванні, параўн. напрыклад: Sasse, G., Hughes, J. Integration mit Tiefgang? Regionalisierung in Ungarn und Polen // Osteuropa. 54(2004)5-6. Р. 194.

[52] Гл.: Wessels, W. Das politische System der Europäischen Union. Wiesbaden, 2008. Р. 475ff.

[53] Параўн.: Vobruba, G. Grenzen des Projekts Europa // Osteuropa. 54(2004)5-6. Р. 61-74.