#

Аналитика

Вяртанне паслоў: пачатак нармалізацыі ці часовая адліга?

1мая, 2012

Оригинал статьи

Нягледзячы на тое, што інфармацыя пра хуткае вяртанне ў Мінск амбасадараў краін Еўрасаюза зыходзіла, здавалася б, з надзейных крыніц, гэтая падзея ўсё роўна адбылася неяк нечакана. Мабыць таму, што падобныя звесткі, што з’яўляліся і раней, аказваліся памылковымі, а таксама з-за супярэчлівых выказванняў на гэты конт беларускіх афіцыйных асобаў высокага ўзроўню.

 
Лукашэнка і Макей пра ЕС і паслоў
 
Можна ўзгадаць, напрыклад, абяцанне Аляксандра Лукашэнкі разгледзець з міністрам замежным справаў магчымасць вяртання кожнага амбасадара паасобку. Зразумела, што ў гэтым выпадку ніякага вяртання ўвогуле не магло адбыцца. За кароткі тэрмін двойчы выказваў стаўленне беларускіх уладаў да сітуацыі і кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей. Прычым калі спачатку ў якасці ўмовы ён прапанаваў Бруселю толькі адмовіцца ад далейшага пашырэння санкцыяў, то наступным разам ужо прагучала заява, што вяртанне паслоў будзе магчымае толькі “калі ў Еўрасаюзе прыдуць да разумення неабходнасці размовы з Беларуссю пра іх [санкцыяў] адмену”. Такое відавочнае ўзмацненне жорсткасці пазіцыі ніяк не спрыяла спадзяванням на хуткае вырашэнне канфлікту.
 
З другога боку даносіліся не больш абнадзейваючыя звесткі. Гэтак, 24 красавіка, то бок літаральна за дзень да з’яўлення ў Мінску “першай ластаўкі” – амбасадара Швецыі Стэфана Эрыксана, радыё “Эхо Москвы” паведаміла, што на сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў ЕС, якая прайшла напярэдадні ў Люксембургу, нібыта было прынятае рашэнне не вяртаць амбасадараў у Беларусь, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітзняволеныя.

Такім чынам, гэтае вяртанне выклікае шэраг пытанняў: што паслужыла яго прычынай, на чыю карысць такі вынік, і, галоўнае, ці можа гэта аказацца пачаткам нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх стасункаў?
 

 
Чаму вяртаюцца паслы?

Прычынаў, як можна зразумець, было некалькі. З таго, што ляжыць на паверхні – гэта выхад на волю Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, а таксама намёк Аляксандра Лукашэнкі на магчымасць вызваліць яшчэ кагосьці падчас амністыі, прымеркаванай да 3 ліпеня. Да таго ж практычна няма сумненняў, што паміж бакамі вяліся перамовы, але пра іх змест і магчымыя дасягнутыя дамоўленасці пакуль цяжка нават здагадвацца.
 
Аднак, пры ўсёй важнасці такога кроку, больш істотным падаецца іншы чыннік. Складаецца ўражанне, што насуперак аптымістычным заявам наконт адсутнасці вострых эканамічных і грамадска-палітычных пытанняў у беларуска-расійскіх адносінах (http://polit.ru/news/2012/04/26/voprosy_beloruss/), насамрэч справы на “ўсходнім фронце” ідуць не надта добра.

Прыкметамі такога становішча ёсць, напрыклад,, нядаўняе супрацьстаянне паміж “Белавія” і “Аэрафлотам”, пасля чаго раптоўна прыйшло паведамленне пра тое, што рыхтуецца паглынанне адзінага беларускага авіяперавозчыка расійскім. Або вялікая затрымка з выдачаю апошняга траншу стабілізацыйнага крэдыту з боку Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Больш за тое, з’явіліся звесткі, што фонд ускладняе ўмовы яго прадастаўлення (http://www.ng.ru/cis/2012-04-05/6_belorussia.html). А тыдзень таму, выступаючы ў нью-ёркскай Радзе міжнародных адносінаў, міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заявіў, што Беларусь не выконвае шэрагу абавязацельстваў, прадугледжаных адпаведнай праграмай.
 
Вядома, можна запэўніваць, што нашай краіне гэтыя грошы цяпер не вельмі патрэбныя. Аднак гэтаму супярэчыць выказванне старшыні праўлення Нацыянальнага банку Беларусі Надзеі Ермаковай, якая пасля наведвання Вашынгтона заявіла, што разлічвае на новую праграму супрацы з Міжнародным валютным фондам.
 

Так што падставы для сумненняў у бясхмарных адносінах паміж Масквой і Мінскам усё ж існуюць. З гэтага вынікае, што ў такіх абставінах апошняму жыццёва неабходна пашыраць прастору для манеўраў, якіх ён сябе амаль пазбавіў, увязаўшыся ў вострую канфрантацыю з Захадам і, ў першую чаргу, з аб’яднанай Еўропай. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтым і тлумачацца сённяшнія паводзіны ўладаў Беларусі. У такім выпадку, здавалася б, напрошваецца вывад пра перамогу Еўрасаюза ў разгледжаным намі сутыкненні. Можа, з фармальнага пункту гледжання гэта і так, бо на сваіх месцах ужо прысутнічаюць амбасадар Польшчы Лешэк Шэрэпка і кіраўніца Дыпламатычнага прадстаўніцтва ЕС Майра Мора, з-за высылкі якіх і пачалася ўся гэтая гісторыя. Хацелася б, аднак, думаць, што ўсё вырашылася на карысць здаровага сэнсу.

 

Наступная задача – вызваленне палітычных вязняў

Нарэшце, апошняе пытанне: што далей? Сапраўды, наўрад ці хто будзе сцвярджаць, што менавіта спыненне гэтага канфлікту было галоўнай мэтай бакоў. Пры ўсёй важнасці знаходжання першых асобаў дыпламатычных місіяў у краіне, гэта ўсё ж не самы вызначальны момант.

У якасці бліжэйшай задачы можна разглядаць з аднаго боку вызваленне ўсіх палітычных вязняў, а з другога – адмену ўсіх санкцыяў ЕС, уведзеных пасля прэзідэнцкіх выбараў. Зыходзячы са згаданых выказванняў беларускіх уладаў і заяваў высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза, яе нельга назваць невырашальнай. А вось што тычыцца перспектывы далейшага збліжэння, падставаў для аптымізму нашмат менш. Шматгадовы вопыт развіцця ўзаемаадносінаў сучаснай Беларусі з Захадам яскрава дэманструе, што ў найбольш прынцыповых момантах бакі стаяць на кардынальна розных пазіцыях. Еўрасаюз настойліва патрабуе правядзення ў Беларусі дэмакратычных пераўтварэнняў, тады як мясцовае кіраўніцтва справядліва асцерагаецца таго, што яго ўлада ў такім выпадку апынецца пад пагрозай.

Не варта таксама забываць пра вялікі адмоўны ўплыў Расіі, бо нармалізацыя беларуска-еўрапейскага ўзаемадзеяння будзе перашкаджаць яе імкненню ўсталяваць сваё дамінаванне на постсавецкай прасторы, што неабходна для жыццяўлення мары пра аднаўленне імперыі. Такім чынам, упэўненасці ў тым, што сітуацыя будзе стабільна развівацца ў пазітыўным кірунку, на жаль, няма.