#

Агляд падзей ЕС: 4-11 лістапада

Агляд падзей ЕС: 4-11 лістапада

Анонсы падзей

15 лістапада Камісія прадставіць "Паведамленне пра ўнутраны энергетычны рынак" – пакет, які ўтрымлівае справаздачу па фармаванні ўнутранага энергетычнага рынку, адпаведныя  рэкамендацыі краінам-сябрам на бліжэйшую будучыню, а таксама аналіз стану еўрапейскіх рынкаў электрычнасці і газу, асноўныя статыстычныя дадзеныя і аналіз сітуацыі ў кожнай краіне ЕС, а таксама звесткі пра інвестыцыі краін-сябраў у энергетычную інфраструктуру.

15-16 лістапада  Форум малога і сярэдняга бізнэсу пройдзе ў Нікасіі. Падчас форума будуць уручаныя ўзнагароды "Падтрымка еўрапейскай прадпрымальніцкай ініцыятывы" (European Enterprise Promotion Awards)

15-16 лістапада Канференцыя па касмічных тэхналогіях пройдзе ў Ларнацы. Падчас канферэнцыі будуць прадстаўленыя вынікі Сёмай рамачнай праграмы ў вобласці даследванняў космасу  і вывучаны патэнцыял еўрапейскіх касмічных даследванняў. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 14 лістапада.

Падзеі мінулага тыдня 

Савет ЕС і Еўрапейскі парламент пакуль не ўзгаднілі бюджэт ЕС на 2013 год 
Савет ЕС і Еўрапейскі парламент пакуль не здолелі ўзгадніць бюджэт Еўрапейскага Саюза на 2013 год. Кіпр як краіна, якая цяпер старшынюе ў ЕС, будзе працягваць свае намаганні забяспечыць прыняцце кампраміснага рашэння ў рамках Камітэта па ўрэгуляванні, які складаецца з 27 прадстаўнікоў краін ЕС (Савета ЕС) і 27 прадстаўнікоў Еўрапейскага парламента.  21-дзённы"перыяд для ўзгаднення", які прадугледжаны Лісабонскай дамовай, скончыцца 13 лістапада. Калі пранапаваны бюджэт не будзе ўзгоднены, Камісія павінна будзе прадставіць новы варыянт бюджэта на 2013 год.

У Ваенным камітэце Еўрасаюза змяніўся кіраўнік 
Новым старшынём Ваеннага камітэта ЕС прызначаны французскі генерал Патрык дэ Рузье. Ён зменіць на пасадзе шведскага калегу Хакана Сірэна, які кіраваў камітэтам з лістапада 2009 года. Мяркуецца, што генерал будзе займаць пасаду на працягу трох гадоў.

У склад Ваеннага камітэта ўваходзяць начальнікі галоўных штабоў 27 краін Еўрасаюза. Камітэт выпрацоўвае рэкамендацыі па вайсковых пытаннях для камітэта Еўрасаюза па вонкавай палітыцы і бяспецы.

Зона еўра рыхтуецца да абнаўлення банкнот 
Еўрапейскі цэнтральны банк і нацыянальныя банкі краін зоны еўра рыхтуюцца ўвесці ў абарачэнне другую серыю банкнот еўра. Новыя грошы будуць адрознівацца ад старых дадатковай абаронай ад падробак, наяўнасцю галаграмы і вадзяных знакаў з выявай Еўропы – персанажа грэцкай міфалогіі. Першая серыя спачатку будзе выкарыстоўвацца разам з новымі банкнотамі, але праз некаторы час перастане быць законным плацёжным сродкам. Першая банкнота новага ўзору наміналам €5 будзе афіцыйна прадстаўленая 10 студзеня 2013 года. У абарачэнні яна з’явіцца ў траўні 2013 года.

Інфляцыя ў Еўропе стане меншай за 2% 
Еўрапейскі цэнтральны банк пакінуў стаўку рэфінансавання ў краінах еўразоны на ўзроўні 0,75%. Кіраўнік арганізацыі Марыё Драгі заявіў, што чакае слабога развіцця еўрапейскай эканомікі праз адсутнасць нагодаў для аптымізму. Ён пацвердзіў прагноз, згодна з якім у 2013 годзе ўзровень інфляцыі ў Еўрасаюзе апусціцца ніжэй за 2%. Па стане на кастрычнік 2012 года гадавая інфляцыя склала 2,5%.

Турцыя атрымае 175 мільёнаў на развіццё навукі 
Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдзеліць €175 мільёнаў на падтрымку эканамічнай навукі ў Турцыі. Мэтай праекту з’яўляецца ўмацаванне навукова-даследчага і інавацыйнага патэнцыялу ў краіне. Грашыма будзе распараджацца TUBITAK – Савет Турцыі па навукова-тэхнічных даследаваннях.

Еўракамісія прапануе адмяніць шэнгенскія візы для жыхароў Карыбаў і Акіяніі 
Візавы рэжым паміж шэнгенскай зонай і 16 краінамі свету можа быць адменены. Згодна з прапановай Еўракамісіі, у бязвізавым спісе могуць быць пяць краінаў Карыбскага рэгіёну (Грэнада, Дамініка, Сэнт-Люсія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Трынідад і Табага), дзесяць краінаў Акіяніі (Кірыбаці, Маршалавы астравы, Мікранезія, Науру, Палау, Самоа, Саламонавы астравы, Тонга, Тувалу, Вануату), а таксама Усходні Цімор. Па словах камісара ЕС па ўнутраных справах Сесіліі Мальмстрэм, падарожжа без візаў адкрые вялікай колькасці насельніцтва свету новыя магчымасці для бізнэсу.

Еўрапейскія інтэлектуалы просяць захаваць праграму студэнцкага абмену “Эразмус” 
Больш за 100 вядомых еўрапейцаў са сфераў адукацыі, мастацтва, эканомікі і іншых галінаў звярнуліся да кіраўніцтва Еўрасаюза з адкрытым лістом у падтрымку праграмы студэнцкага абмену “Эразмус”. Грамадскасць непакоіцца, што праграма, якая дзейнічае больш за 25 гадоў і якая ўжо дазволіла больш як тром мільёнам студэнтаў атрымаць адукацыю за мяжой, можа быць скарочаная ў мэтах эканоміі.

Еўракамісія распрацавала план падтрымкі аўтамабільнай прамысловасці 
Еўрапейскія камісія прадставіла стратэгію развіцця аўтарынка Еўропы «Cars 2020». Прапанаваны план прадугледжвае павелічэнне інвестыцый, рост канкурэнтаздольнасці, пашырэнне на рынкі іншых кантынентаў, а таксама дадатковую адукацыю работнікаў. Гэтыя дзеянні патрэбныя для таго, каб падтрымаць індустрыю, у якой занятыя 12 мільёнаў еўрапейцаў.

Еўропа заклікала Азербайджан вызваліць з турмаў журналістаў і блогераў 
Еўрапейская камісія, Савет Еўропы і АБСЕ выступілі з сумеснай заявай па пытаннях свабоды СМІ ў Азербайджане. Еўрапейскія структуры гатовыя падтрымаць прагрэс у Азербайджане ў галіне забеспячэння права на свабоду выказвання меркавання і свабоды СМІ. Прыкметамі гатоўнасці ўладаў Азербайджана да дыялогу маглі б стаць эфектыўнае і празрыстае расследаванне злачынстваў супраць журналістаў, а таксама вызваленне з-за кратаў усіх тых журналістаў, блогераў і грамадзян, якія былі пазбаўленыя свабоды ў выніку выказвання сваіх поглядаў.

Агляд падрыхтаваны Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў для Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. За адбор матэрыялаў і змест агляду адказвае Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў; агляд не можа лічыцца адлюстраваннем пазіцыі Еўрапейскага Саюза.

Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі
вул. Энгельса, 34А/2 220030 Мінск
Рэспубліка Беларусь
Тэлефон: +375 (17) 328 66 13
Факс: +375 (17) 2891281
Эл. пошта: delegation-belarus-press@eeas.europa.eu
http://eeas.europa.eu/delegations/belarus
Facebook

Delegation of the European Union to Belarus
34A/2 Engels Street Minsk 220030 Belarus
Telephone: 375 17 3286613
Fax: 375 17 2891281
E-mail: delegation-belarus-press@eeas.europa.eu
http://eeas.europa.eu/delegations/belarus
Facebook

 

Европейский конвент – Процесс, приведший к разработке европейской конституции, был инициирован в декабре 2000 г. благодаря Декларации ...