#

Агляд падзей ЕС: 25 лютага - 3 сакавіка

Агляд падзей ЕС: 25 лютага - 3 сакавіка

Анонсы падзей 4-10 сакавіка

5 сакавіка – У Брусэлі адбудзецца канферэнцыя па пытаннях энергетыкі з удзелам Еўрапейскай Камісіі і міністэрства паліўна-энергетычных рэсурсаў Нарвегіі. Удзельнікі абмяркуюць ролю прыроднага газу ў будучых энергетычных сістэмах ЕС і фармаванні адзінага энергетычнага рынку ЕС, канкурэнтнага і менш залежнага ад вуглевадародаў.

8-9 сакавіка – У В’етнаме адбудзецца бізнэс-саміт ЕС і Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі.

Поўны расклад надыходзячых падзей гл. на старонцы Newsroom

Падзеі мінулага тыдня 
  
У ЕC плануецца абмежаваць бонусы для банкіраў. Еўрапейскі парламент і Савет ЕC дасягнулі кампрамісу ў вызначэнні максімальнага гадавога бонусу, што можа быць выплачаны банкіру. Бонус не зможа перавышаць іх гадавога заробку. Павышэнне бонуса да двух штогадовых заробкаў магчымае, але толькі са згоды акцыянераў, якія разам валодаць больш як паловай акцый.

Чакаецца, што пагадненне будзе ўхваленае краінамі ЕС і Еўрапейскім  парламентам ў красавіку. Пасля зацвярджэння норма павінна будзе ўключаная ў нацыянальнае заканадаўства краін з 1 студзеня 2014 года.

Яшчэ 50 мільёнаў выдзеленыя на распрацоўку тэхналогій 5G. Еўрапейская Камісія выдзеліла 50 мільёнаў еўра на распрацоўку стандарту звышхуткасных сетак перадачы дадзеных пятага пакалення. Чакаецца, што аб'яднаныя 5G-сеткі будуць разгорнутыя ў Еўропе да 2020 года, калі аб'ём толькі мабільнага "трафіку" вырастуць у 33 разы ў параўнанні з 2010 годам.

Гандлёвае пагадненні ЕС і Перу пачало дзейнічаць. 1 сакавіка ўступіла ў сілу пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўрапейскім Саюзам і Перу. «Гэта пагадненне - важны крок да ўмацавання нашых гандлёвых і інвестыцыйных адносін», - заявіў камісар ЕС па пытаннях гандлю Карэл Дэ Гухт. Дамова прадугледжвае адмену мытаў для вытворцаў прамысловых тавараў і для прадукцыі рыбалоўства, а таксама значнае адкрыццё рынкаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Паводле ацэнак Камісіі, пагадненне з Перу дазволіць экспарцёрам абодвух бакоў ашчаджаць да 500 мільёнаў еўра ў год за кошт зніжэння тарыфных бар'ераў.

Гадавая інфляцыя ў зоне еўра запаволілася да 1,8%. Паводле падлікаў Еўрастата, гадавы рост цэн у краінах зоны еўра па стане на люты склаў 1,8%. Для параўнання, у студзені паказчык складаў 2%.

Ryanair забаранілі набываць канкурэнта. Камісія забараніла ірландскай авіякампаніі Ryanair набыць іншага ірландскага авіяперавозчыка Aer Lingus. У выніку "паглынання" магла быць ўтворана манаполія або створана дамінуючае становішча на 46 маршрутах, дзе цяпер кампаніі канкуруюць адна з адной. “Рашэнне Камісіі абараняе інтарэсы больш за 11 мільёнаў ірландскіх і еўрапейскіх пасажыраў, якія штогод здзяйсняюць палёты з аэрапортаў Дубліна, Корка, Нока і Шэнана", - заявіў камісар па палітыцы канкурэнцыі Хаакін Альмунія.

У Еўропе прапануецца стварыць сістэму сачэння за касмічным смеццем. Адзіная сістэма  дазволіць аб'яднаць магчымасці сістэм, якія існуюць у краінах ЕС. Атрыманыя дадзеныя паступалі б ў адзіны інфармацыйны цэнтр, які адказваў бы за прадухіленне ​​небяспечных сітуацый. На калязямной арбіце знаходзіцца больш за 600 тысяч "адзінак смеццея" памерам больш за 1 см. Сутыкненне з такім прадметам можа сур'ёзна пашкодзіць спадарожнікі. Страты еўрапейскіх спадарожнікавых аператараў з-за касмічнага смецця ацэньваюцца ў 140 мільёнаў еўра ў год.

Жанчыны зарабляюць на 16,2% менш за мужчын. “У ЕС розніца ў аплаце працы жанчын і мужчын складае 16,2%. Такім чынам, жанчыны павінны працаваць на працягу года на 59 дзён больш, каб выйсці на зарплату, якую атрымліваюць мужчыны", - адзначаецца ў паведамленні Еўрапейскай Камісіі, апублікаваным 28 лютага з нагоды штогадовага Еўрапейскага дня роўнай аплаты працы.

Новы рэгламент ЕС абароніць правы пасажыраў. 1 сакавіка ўступіў у сілу рэгламент ЕС, які распаўсюджвае на аўтобусныя маршруты тыя правілы, якія былі распрацаваныя раней для іншых відаў транспарту. Напрыклад, у поўным аб’ёме будуць кампенсавацца выдаткі на квіткі ці на змяненне маршруту, калі рэйс адменены альбо затрымліваецца больш чым на дзве гадзіны. Апроч таго, будзе дадаткова кампенсавана 50% ад цаны білета, калі аператар не прадаставіў пасажыру магчымасць выбраць паміж кампенсацыяй і заменай. Гэтыя ўмовы будуць распаўсюджвацца на рэйсы, працягласць якіх перавышае 250 км. Рэгламент утрымлівае і іншыя ўмовы і патрабаванні, у тым ліку патрабаванне запяспечыць роўны доступ да транспартных паслуг людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

ЕС будзе супрацьдзейнічаць нелегальнаму гандлю драўнінай. 3 сакавіка ўступіў у сілу новы закон па супрацьдзеянні нелегальнаму гандлю драўнінай. Ён забараняе пастаўкі незаконна нарыхтаванай драўніны на еўрапейскі рынак, каб вырашыць праблемы незаконных высечак па ўсім свеце. Новы закон ахоплівае шырокі спектр прадуктаў, пачынаючы ад паперы і цэлюлозы да цвёрдай драўніны. Аператары павінны мінімізаваць рызыку паставак незаконна нарыхтаванай драўніны на рынак ЕC, патрабуючы ад пастаўшчыка вычарпальнай інфармацыі.

Камісія за стварэнне “разумных межаў”. Еўрапейская Камісія апублікавала шэраг прапаноў пад назвай «разумныя межы». Новая электронная працэдура рэгістрацыі наведвальнікаў мае на мэце палепшыць і паскорыць кантроль на знешніх межах краін ЕС. Згодна з ёй, наведвальнікі, што прыяжджаюць часта, змогуць праходзіць мяжу па спрошчанай працэдуры пры ўмове папярэдняй рэгістрацыі. Такіх асобаў можа быць каля пяці мільёнаў. Аўтаматызаваныя сістэмы кантролю будуць усталяваныя ў асноўных пунктах перасячэння мяжы, такіх як аэрапорты. Пры ўмове падтрымкі Еўрапейскага парламента і краін ЕС “разумныя межы” могуць быць укаранёныя ў 2017-2018 гг.

На даследаванні па рэдкіх захворваннях вылучана 144 мільёны еўра. Камісія абвясціла новае фінансаванне 26 навукова-даследчых праектаў па рэдкіх захворваннях, такіх як сардэчна-сасудзістыя, метабалічныя і імуналагічныя. Ад іх пакутуюць каля  30 мільёнаў еўрапейцаў. Выбраныя праекты аб'ядноўваюць больш за 300 удзельнікаў з 29 краін у Еўропе і за яе межамі.

Фота тыдня

У Каталоніі адбылася прэзентацыя аднаго з самых інавацыйных аўтамабіляў, электракара Volar-e.

Агляд падрыхтаваны Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў для Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. За адбор матэрыялаў і змест агляду адказвае Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў; агляд не можа лічыцца адлюстраваннем пазіцыі Еўрапейскага Саюза.

Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі
вул. Энгельса, 34А/2 220030 Мінск
Рэспубліка Беларусь
Тэлефон: +375 (17) 328 66 13
Факс: +375 (17) 2891281
Эл. пошта: delegation-belarus-press@eeas.europa.eu
http://eeas.europa.eu/delegations/belarus
Facebook

Delegation of the European Union to Belarus
34A/2 Engels Street Minsk 220030 Belarus
Telephone: 375 17 3286613
Fax: 375 17 2891281
E-mail: delegation-belarus-press@eeas.europa.eu
http://eeas.europa.eu/delegations/belarus
Facebook

 

Европейский конвент – Процесс, приведший к разработке европейской конституции, был инициирован в декабре 2000 г. благодаря Декларации ...